ТЛУМАЧА́ЛЬНЫ СЛО́ЎНІК,
лінгвістычны аднамоўны слоўнік, у якім словы падаюцца з апісаннем (тлумачэннем) іх значэння і сферы выкарыстання. Т.с. вызначаюць лексічныя нормы літ. мовы на пэўным этапе яе развіцця. У ім даюць грамат. акцэнтуацыйныя і правапісныя характарыстыкі слоў, нормы іх спалучальнасці, фіксуюць устойлівыя словазлучэнні тэрміналагічнага і фразеалагічнага характару з раскрыццём іх значэння, паказваюць паходжанне іншамоўных слоў. Як камбінаваны лексікаграфічны даведнік Т.с. займае гал. месца ў нац. лексікаграфіі і з’яўляецца паказчыкам агульнага ўзроўню яе развіцця.
Для вывучэння рус. літ. мовы 19—20 ст. найб. важнае значэнне маюць акад. «Слоўнік царкоўнаславянскай і рускай мовы» (вып. 1—4, 1847; 2-е выд., 1867—68), «Тлумачальны слоўнік жывой велікарускай мовы» У.І.Даля (ч. 1—4, 1863—66; т. 1—4, 7-е выд. 1978—80), «Тлумачальны слоўнік рускай мовы» (т. 1—4, 1935—40), «Слоўнік сучаснай рускай літаратурнай мовы» (т. 1—17, 1948—65), «Слоўнік рускай мовы» (т. 1—4, 1981—84).
Першы на Беларусі акад. даведнік такога тыпу — «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84). У 1966 выйшаў «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: Для сярэдняй школы» А.Я.Баханькова, І.М.Гайдукевіча і П.П.Шубы (3-е выд., 1979), у якім тлумачацца значэнні каля 6 тыс. слоў, што выкарыстоўваюцца ў вучэбнай і маст. л-ры. У 1996 выдадзены «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» пад рэдакцыяй М.Р.Судніка і М.Н.Крыўко, які змяшчае больш за 65 тыс. слоў. Т.с. ўзніклі на аснове перакладных, дзе значэнне слоў раскрываецца шляхам перакладу на інш. мову. Некат. ранейшыя бел. слоўнікі спалучаюць асаблівасці тлумачальных і перакладных. Найб. значны з іх — «Слоўнік беларускай мовы» І.І.Насовіча (1870, факсімільна перавыдадзены ў 1983), дзе адлюстравана нар. бел. лексіка сярэдзіны 19 ст. Т.с. можа ўключаць лексіку твораў толькі пэўнага пісьменніка (гл. Слоўнік мовы пісьменніка).
П.У.Сцяцко.
т. 15, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)